Націснуць, каб павялічыць...
Вартае ўвагі »»»

Націснуць, каб павялічыць...
Амаль усё !!! »»»

КАМУНІКАТ.org :: Што новага :: Гарадзенскі Рух “За Свабоду” выдае “Гарадзенскую бібліятэку”
“Магдэбургская Гародня” Юры Гардзеева першай кнігай “Гарадзенскай бібліятэкі”
Бібліятэкар
Націснуць, каб павялічыць...

Маю гонар прэзентаваць Вам Магдэбургскую Гародню – першую кнігу серыі “Гарадзенская бібліятэка”, выданне якой распачаў Гарадзенскі Рух “За Свабоду”.

Гародня заўсёды была адным з цэнтраў культурнага жыцця ў Беларусі. Дастаткова згадаць дойліда Пятра Міланега і Гарадзенскую архітэктурную школу ХІІ ст., вольнадумца XVI ст. Каспара Бекеша, навукоўца Жана Эмануэля Жылібера, які арганізоваў тут Акадэмію навук (XVIІІ ст.), астранома Станіслава Пачобута-Адляніцкага, славутую Элізу Ажэшка, паэта Максіма Багдановіча, гісторыка Міхася Ткачова, пісьменнікаў Аляксея Карпюка і Васіля Быкава. Архітэктура Гародні і вольны дух яе жыхароў на працягу стагоддзяў стваралі атмасферу, у якой нараджаліся таленты.

У апошнія стагоддзі Гародня моцна змянілася. За гэты час горад перажыў дзве сусветныя вайны, больш дзесяці разоў змяняў дзяржаўную прыналежнасць, выжываў пад рознымі таталітарнымі ўладамі… Страты былі вялікімі. Але Гародня ператрывала. У ХХІ ст. яна ўступіла адным з прыгажэйшых гарадоў Беларусі. І гэтую ўнікальнасць трэба берагчы. Яна не толькі ў будынках і помніках. Яна – у гарадзенцах, якія пакінулі нам “Вясёлку Каложы”, Стары і Новы каралеўскія замкі, Фарны касцёл, непаўторнасць Старога горада…

Манаграфія Юры Гардзеева Магдэбургская Гародня - першая ў Беларусі праца, прысвечаная сацыятапаграфіі беларускага горада. Шматгадовая скрупулёзная праца дазволіла аўтару стварыць унікальную для Беларусі кнігу, у якой з усёй магчымай паўнатой апісана развіццё горада як матэрыяльнага аб’екта з уваходам у гісторыю амаль кожнага пляца. Гэта сапраўды еўрапейскі ўзровень вывучэння еўрапейскай гісторыі беларускага горада.

Выдавецкая серыя “Гарадзенская бібліятэка” прысвячаецца той Гародні, якой мы можам ганарыцца. Яна будзе знаёміць з гісторыяй горада, свабоднай ад ідэалагічнай хлусні, з мастацкімі творамі і навуковымі працамі гарадзенцаў, якія сталі значным унёскам у культуру беларускага народу і нашых суседзяў. Яе кнігі будуць распавядаць пра людзей-стваральнікаў, якія ў розныя часы супрацьстаялі разбурэнню і знішчэнню, як бы гэта не называлася чарговымі ўладамі.

Запрашаю да чытання!

Павал Мажэйка, каардынатар “Гарадзенскай бібліятэкі”

Па ўсіх пытаннях, звязаных з “Гарадзенскай бібліятэкай” звяртайцеся на zasvabodu.hrodna@gmail.com

Пра "Гарадзенскую бібліятэку" на "Радыё Палёнія" Сталіца беларускага кнігадрукаваньня ў Эўропе