![]() Вартае ўвагі »»»
|
|
![]() Амаль усё !!! »»»
|
|
КАМУНІКАТ.org :: Што новага :: Пра Kamunikat.org у штомесячніку "Czasopis" Пра Kamunikat.org у штомесячніку "Czasopis" Бібліятэкар ![]() Яраслаў Іванюк – радыёжурналіст, стваральнік і адміністратар Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org Не штука прыйсці на гатовае - Размова з Яраславам Іванюком – радыёжурналістам і адміністратарам Kamunikat.org Колькі гэта ўжо гадоў, як ты стаў на працу ў Рэдакцыі праграм для нацыянальных меншасцей Радыё Беласток? – Амаль дванаццаць. Пачынаў у 1996 годзе. Але ўжо раней працаваў ты на радыё. Памятаеш, як пачалася гэта твая „прыгода”, дык наогул – дзейнасць на беларускай ніве? – Гэта была абсалютная рэвалюцыя ў маім жыцці! З дня на дзень перавярнуліся мае жыццёвыя планы. Канчаючы бельскі беларускі ліцэй я не ўяляў сабе, што можа быць інакш, як сабе прыдумаў. А пастанавіў, што вярнуся ў ліцэй і буду вучыць гісторыі. Пачынаў я студыі ў Любліне, дзе мне крыху не пашанцавала, і праз год перабраўся ў Варшаву. І там амаль адразу звярнуўся да мяне Тамаш Шчапанскі, які тады працаваў у Міністэрстве культуры ў дэпартаманце нацыянальных і этнічных меншасцей, і які павядоміў, што Польскае Радыё плануе паклікаць беларускую рэдакцыю ў рамках Радыё Палёнія (для замежжа). І я, а таксама некалькі маладых асоб – беларусаў, пераважна студэнтаў беларускай філалогіі ў Варшаве, вырашылі паспрабаваць сваіх сіл як радыёжурналісты. Было гэта ў 1992 г. На Радыё Палёнія працаваў я, быўшы адначасна студэнтам, 4,5 года. Хаця перайшоў я на штатную працу ў Радыё Беласток, то маё супрацоўніцтва з Радыё Палёнія (цяпер Польскае Радыё для Замежжа) працягваецца па сённяшні дзень. Прымаючы нас на працу на Радыё Палёнія адзін з журналістаў сказаў, што альбо „złapiecie bakcyla radia, albo pożegnacie się z tym po kilku miesiącach”. Як відаць – я гэтага „bakcyla” бясспрэчна злапаў А ў Беласток ты перабраўся, бо атрымаў працу бліжэй родных мясцін? – Рашэнне, каб пераехаць на Беласточчыну і тут працаваць, было мною вельмі перадуманым. Мне здаецца, што да Варшавы можна прывыкнуць, але нельга яе палюбіць. І гэта напэўна паўплывала на тое, што мы – ужо супольна з жонкай – прынялі сямейнае рашэнне, што вяртаемся на Беласточчыну. Якраз была магчымасць атрымаць працу ў Радыё Беласток. Паколькі радыёжурналістыка, калі я працаваў у Варшаве, мне вельмі спадабалася, я падумаў, што калі такая магчымасць ёсць, нельга з яе не скарыстаць. Ну і хацелася быць бліжэй дому і бацькоў. У чым заключаецца цяпер галоўнае значэнне беларускіх радыёперадач для нашага грамадства? – На мой погляд, радыёперадачы адыгрываюць найперш адукацыйную ролю. Вядома, што ў эфіры павінна адлюстроўвацца тое, што адбываецца ў нашым грамадстве. Таму ў сваіх праграмах прадстаўляем імпрэзы ды ініцыятывы паасобных беларускіх арганізацыяў ці асяроддзяў. Але, перш за ўсё, здаецца мне, радыё – а таксама і „Часопіс”, „Ніва” ці нашы тэлеперадачы – мы павінны паказваць сваё мінулае, паказваць людзям чаму мы – беларусы. Павінны змагацца з усякімі шкоднымі стэрэатыпамі адносна нас – беларусаў – у польскім грамадстве. Каб ва ўсякі магчымы спосаб перашкодзіць некарысным з’явам асіміляцыі і паланізацыі, якія штораз мацней кранаюць нашае грамадства. Гэта ж і заслугай між іншым нашых радыёперадач – як я чуў ад людзей – было тое, што ў апошнім славутым перапісе насельніцтва 50 тыс. асоб запісалася ўсё ж беларусамі. Колькі ў „Пад знакам Пагоні” цяпер слухачоў? Праводзіліся такія даследаванні? – Даследаванні, каб акрэсліць лік слухачоў паасобных перадачаў, не помню, каб былі робленыя. „Пад знакам Пагоні” з панядзелку па суботу ідзе ў вечаровым эфіры, а вядома, што найбольш людзей слухае радыё зранку. Тым не менш, напэўна гэтыя перадачы слухаюць тыя, якія хочуць іх слухаць. Гэта – не выпадковыя слухачы, якім радыё толькі спадарожнічае ў штодзённым жыцці, але тыя, якія хочуць нешта канкрэтнае – сваё – там пачуць. Крыху інакш ёсць у выпадку суботніх перадач „Пажадальная песня” і перадач раніцай у нядзелю. Думаю, гэтыя якраз перадачы маюць найбольшую аўдыторыю. На тваю думку, чаго найболь нашы людзі любяць слухаць, – ці толькі песень? – Думаю, што, аднак, музыкі. Але грамадскае – публічнае радыё мусіць быць таксама і прамотарам вышэйшай культуры. Таму ў „Пад знакам Пагоні” расказваецца і пра мастацтва, і пра кніжкі, выставы... Чаму тады беларускай музыкі практычна няма ў іншым эфірным часе? Слухаючы Радыё Беласток можна мець уражанне, што беларуская песня – толькі для беларусаў. А так жа ж не ёсць, бо і палякі любяць нашу музыку. Чым тлумачыцца такая нежыццёвая палітыка кіраўніцтва? – Пра гэта хіба ўсё ж трэба пытацца ў начальства... Беларуская музука – зрэшты, украінская ці літоўская таксама – з'яўляецца ў эфіры Радыё Беласток – на жаль – інцыдэнтна, пры нагодзе нейкіх асабліва важных падзеяў для таго ці іншага народа. Кіруючы Рэдакцыяй праграм для нацыянальных меншасцяў Радыё Беласток я неаднаразова прапанаваў увесьці гэтую музыку ў плей-лісту. Быццам бы ніхто такой патрэбы не аспрэчваў, але ніхто таксама не ўвёў беларускай музыкі ў агульны эфір Радыё Беласток. Ці публічны, дзяржаўны характар вяшчання абмяжоўвае вашу працу? Ці здараліся палітычныя націскі на цябе і тваіх калег? – Нейкіх непасрэдных націскаў на журналістаў няма. Прынамсі я з чымсьці такім не сустрэўся. Хаця магчыма, што журналісты часам уводзяць такую своеасаблівую аўтацэнзуру. А ці здараюцца палітычныя націскі на адказных за перадачы шэфаў, цяжка мне гаварыць. Ты ў свой час таксама быў такім шэфам, кіруючы ўсёй меншаснай рэдакцыяй... – Прэтэнзіі ў мой адрас, праўда, здараліся. Але было гэта пост-фактум. Бо намякалі мяне, што ў нейкіх нашых перадачах расказалі пра штосьці не так як трэба, або пра штосьці наогул не расказалі. Сапраўды, часам гэтыя прэтэнзіі былі абгрунтаваныя, бо вынікалі з майго ці маіх калег недагляду. А сур’ёзныя націскі бадай двойчы сапраўды былі – зусім звонку. На шчасце, гэтым націскам удалося мне не паддацца. Складанасці напэўна ёсць і ўнутры вашай шматнацыянальнай рэдакцыі. Найбольш далікатныя тут, разумею, суадносіны да калег – украінцаў. Часам у абедзвюх перадачах – „Пад знакам Пагоні” і „Украінскай думцы” – можна пачуць выказванні адных і тых жа асоб, асабліва вяскоўцаў з Бельшчыны. Ці пазбягаеце такіх непаразуменняў? – Стараемся пазбягаць такіх сітуацыяў, але не заўсёды нам гэта ўдаецца. Кіруючы да 1-га сакавіка рэдакцыяй перадач для нацыянальных меншасцяў я павінен быў усё-такі быць па-над нейкімі нацыянальнымі падзеламі, якія існуюць на нашай Беласточчыне. Вядома, што людзі, якіх выказванні запісваеце, найчасцей гавораць на беларускіх дыялектах. Тымчасам вядучыя амаль заўсёды звяртаюцца да іх на літаратурнай мове. Ці гэта загад? – Не, гэта не ёсць загад. Таго, што свае пытанні ставім мы на літаратурнай мове, не лічу дрэнным. Таму што беларуская мова і так кволенька ўжо на Беласточчыне трымаецца. І няма сэнсу разрэджваць яе на „сваю”, ці „падляшскую”, прыдумваючы новыя спосабы запісу і асобныя арфаграфічныя правілы. Хаця я такія ініцыятывы вельмі цаню і паважаю людзей, якія нашым гаворкам прабуюць надаць вышэйшае значэнне. Але такія дзеянні па-мойму неперспектыўныя. У асноўным трэба нам падтрымоўваць не так гаворкі, як менавіта шырэйшы, літаратурны, варыянт беларускай мовы. Чуем, што ўрад хоча памяняць спосаб фінансавання публічных медыяў у Польшчы, ліквідуючы між іншым абанемент. Рэгіянальныя вяшчанні Польскага Радыё, у тым ліку беластоцкае, рашуча пратэстуюць. Вашы шэфы спасылаюцца таксама на фінансаванне меншасных радыёперадач якраз з абанементу. Ці адчуваеш тут пагрозу? – Безумоўна, ліквідацыя абанементу без рэкампенсаты гэтых сродкаў з іншых крыніц фінансавання давядзе публічнае радыё (тэлебачанне крыху менш) на ўскрай прорвы. Дагэтуль грошы з абанементу складалі – здаецца – больш за 90 прац. усяго бюджэту беластоцкага радыёвяшчання. Гэта вельмі многа. Чуем, аднак, што ўзамен мае быць пакліканы нейкі новы фонд „публічнай місіі”. – Калі так будзе, то перадачы для нацыянальных меншасцяў павінны ўцалець. Было б нейкай абсалютнай недарэчнасьцю скарачаць ці ліквідаваць гэтыя перадачы, бо яны ж у 100 прац. змяшчаюцца ў рамках прапанаванай „публічнай місіі”. Аднак вырашыў ты зысці з працы на Радыё Беласток. Чаму? – На працу ў Радыё Беласток прымаў мяне Ежы Мушынскі, якога вельмі цаню і шаную. Ён як мой першы шэф сказаў, што беларуская меншасць павінна падумаць пра сваё асобнае радыё. На яго думку, перадачы ў публічным радыёвяшчанні – гэта пераходны этап, а пасля – дапаўненне самастойнага радыё. Першыя так зрабілі кашубы на Памор’і. У апошнім часе і нам, беларусам, удалося ўрэшце паклікаць асобнае Радыё Рацыя, як трансгранічнае вяшчанне. Яно накіраванае на нашу Беласточчыну, Віленшчыну, Гарадзеншчыну і Берасцейшчыну. На маю думкую, Радыё Рацыя мае для нас, беларусаў на Падляшшы, вельмі вялікае значэнне. І там менавіта бачу сваё месца. Я ўпэўнены, што з калектывам Радыё Рацыя ўдасца нам стварыць сапраўднае сваё беларускае радыё памежжа. Таму я прыняў прапанову з канцом красавіка стаць яго праграмным дырэктарам. Пакуль гэтае вяшчанне, аднак, усё ствараецца і яго лёс не да канца ўсталяваны. Ужо адзін раз па фінансавых прычынах трэба было яго спыніць. І цяпер кіраўніцтва не скрывае, што надалей ёсць шмат цяжкасцей і перашкод... – Не штука прыйсці на гатовае. Штука – стварыць вартасны прадукт і змагацца, каб яго ўтрымаць на рынку. Таму трэба, і цяпер прыйшоў на тое час, шукаць іншых (апрача дзяржаўных) крыніц фінансавання. І думаю, што гэта ўсё нам удасца зрабіць. Бо, каб я не верыў, што з Радыё Рацыя можна зрабіць сапраўды цікавае і вартаснае вяшчанне, якое знойдзе трывалае месца ў эфіры на нашым памежжы, не рызыкнуў бы на гэта. Вядома, што Радыё Рацыя – гэта ў вялікай ступені ініцыятыва якраз палітычная, а не грамадска-культурная. І перадусім накіраваная да беларусаў у Рэспубліцы Беларусь, а не на Беласточчыне. Гэтыя палітычна-тэрытарыяльныя абумоўленасці якраз спрычыняюцца да таго, што нашы падляшскія беларусы да Радыё Рацыя ставяцца, пакуль, холадна. Калі радыёперадачы ў Радыё Беласток – ім проста свае, „нашы”. Ці можна, аднак, штосьці зрабіць, каб і Радыё Рацыя было для нас больш „сваім”? – Вось і такое між іншым заданне бачу для сябе як праграмнага дырэктара. Хачу, каб Радыё Рацыя, як радыё памежжа, было вяшчаннем усіх беларусаў і то з абодвух бакоў мяжы. У калектыве ёсць таксама журналісты з Беласточчыны, што і гарантуе якраз тую „свойскасць” гэтага радыё для нашай меншасці. На Радыё Палёнія рыхтаваў я перадачы скіраваныя толькі да жыхараў Беларусі. Перадачы „Пад знакам Пагоні” на Радыё Беласток, якія рыхтаваў я астатнія 12 гадоў, прызначаныя беларусам Беласточчыны. Цяпер ёсць нагода, каб гэты вопыт выкарыстаць на Радыё Рацыя. Апрача прафесійнай працы ты вядзеш яшчэ беларускую Інтэрнэт-бібліятэку kamunikat.org, якая апошнім часам шмат пабагацела. Хто цяпер найбольш ёю карыстаецца? – Паводле статыстыкі сайту, найбольш наведвальнікаў з Польшчы і Беларусі. Хаця здараюцца таксама наведванні з такіх экзатычных краінаў як Сінгапур, Кітай ці Нікарагуа. Аднак трэба прызнаць, што гэта лічаныя ўваходы на сайт. Наогул сайт адкрываецца 900-1000 разоў у дзень, што – на маю думку – з'яўляецца вельмі добрым вынікам як на магчымасці беларускага Інтэрнэту. У рэйтынгу Акавіта.com у раздзеле „культура і мастацтва”, дзе зарэгістраваных больш за паўтысячы рэсурсаў, Камунікат часцяком трапляе ў першую дзесятку найбольш папулярных сайтаў. У канцы мінулага года на сайце адбыліся рэвалюцыйныя змены. Дзякуючы дапамозе, якую Беларускае гістарычнае таварыства атрымала на рэалізацыю праекта „Беларуская Інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org” з польскага Міністэрства замежных справаў у рамках праграмы „Polska pomoc 2007”, нам удалося стварыць сучасную інтэрнэт–бібліятэку, якая ўвесь час пашыраецца. У гэтым годзе Kamunikat.org таксама будзе карыстацца падтрымкай польскага МЗС. Мяркую, што функцыянальнасць бібліятэкі значна пашырыцца, узнікнуць персанальныя сайты некаторых аўтараў, якія з намі супрацоўнічаюць здаўна, узнікне таксама каталёг папяровых публікацыяў бібліятэкі Беларускага гістарычнага Таварыства. Але аб гэтым наведвальнікі сайту змогуць пераканацца самі недзе пасля вакацыяў. На сайце ёсць таксама інтэрнэт-выданні і нашага „Часопіса”. Як выглядаем на топ-лісце? – „Часопіс” у бібліятэцы Камунікат.org прысутнічае здаўна. На сайце можна знайсьці архіўныя нумары штомесячніка ад канца 2002 года. Зараз яго пазіцыя на топ-спісе выданняў выглядае вельмі добра. Ад пачатку 2008 году кожны выпуск „Часопіса” знаходзіцца сярод пяці найбольш папулярных выданняў на сайце. Вось напрыклад у сакавіку „Часопіс” апынуўся на другім месцы. Таксама было і ў красавіку. Відаць тады, што штомесячнік Асацыяцыі беларускіх журналістаў карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод наведвальнікаў сайту Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org. Размаўляў Юрка Хмялеўскі Яраслаў Іванюк – радыёжурналіст, стваральнік і адміністратар Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org Выпускнік бельскага беларускага ліцэя імя Б. Тарашкевіча. Закончыў гістарычны факультэт Варшаўскага універсытэта. Аўтар радыё-рэпартажаў пра беларусаў Беласточчыны ды палітычную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь. Рэпартажы (у сааўтарстве з Юркам Ляшчынскім) "Фэномен" пра прэзідэнта А. Лукашэнку ды "Жыве Беларусь!" пра прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў 2006 годзе прадстаўлялі Польскае Радыёвяшчаньне на прэстыжных міжнародных конкурсах Prix Europa 2000 ды Prix Italia 2006. Працаваў на Радыё Палёнія (1992-96) ды на Радыё Беласток (1996-2008). З канцом красавіка пачаў працу на Радыё Рацыя як праграмны дырэктар. |
||