Націснуць, каб павялічыць...
Кнігі У. Арлова »»»

КАМУНІКАТ.org :: Што новага :: “Хадзі на мой голас” Дануты Бічэль
“Хадзі на мой голас” Дануты Бічэль - новая кніга ў сэрыі "Гарадзенская Бібліятэка"
Бібліятэкар
Націснуць, каб павялічыць...

Хадзі на мой голас Дануты Бічэль з’яўляецца другой кнігай, заснаванай Гарадзенскім Рухам “За Свабоду” пад патранатам Аляксандра Мілінкевіча ГАРАДЗЕНСКАЙ БІБЛІЯТЭКІ.

“Захацелася скінуць з сябе салодкую няволю рыфмаў, гэты панцыр чарапахі. Гэтая кніжка — яшчэ не развітанне, не запавет, але падвядзенне вынікаў, - піша Данута Бічэль ва ўступе да кнігі. - У маёй жыццёвай прыгодзе паэткі найважнейшымі з'явамі былі людзі, якія мяне любілі, якіх я любіла. Цяпер я зразумела, што пра людзей, якія істотна паўплывалі на мой лёс, у вершах не напішаш. Дасканалай мовай прозы я не валодаю. Таму атрымаліся эсэ.

Вядома, гэтая кніжка няроўная. Я не ўсюды дала рады сваім эмоцыям. На мяжы паміж паэзіяй і прозай, калі ўдаецца заскочыць за далягляд думкі, дзе пачуццё і думанне зліваюцца ў адно, мае эсэ атрымаліся. “Заходзьце да мяне, хто ў смутку, душа кніжкі заўсёды адчынена”…

Аўтарка ўзгадвае айца Уладзіслава Чарняўскага, Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Артура Цяжкага, Ларысу Геніюш, Зоську Верас, Ірыну Крэнь, Анатоля Сыса, Хрысціну Лялько, Янку Брыля, Уладзіміра Караткевіча, Наталлю Арсенневу, Чэслава Мілаша…

Кніга багата аздоблена здымкамі.

На старонках кніг, якія складаюць ГАРАДЗЕНСКУЮ БІБЛІЯТЭКУ, прадстаўлена забытая гісторыя Гародні, традыцыя суіснавання розных народаў і культур, памяць пра гістарычную спадчыну, культурніцкія дасягненні, у тым ліку і літаратурныя, творцаў горада на працягу стагоддзяў.

ГАРАДЗЕНСКАЯ БІБЛІЯТЭКА – гэта яшчэ адзін напамін гарадзенцам, што лёс гораду ў іх руках. Толькі агульнымі намаганнямі мы здолеем перанесці ў наступныя стагоддзі непаўторнасць гістарычнай Гародні, зберагчы яе ўнікальнасць для нашчадкаў.

ГАРАДЗЕНСКАЯ БІБЛІЯТЭКА прысвячаецца той Гародні, якой мы можам ганарыцца.

Павал Мажэйка, каардынатар Гарадзенскай бібліятэкі

Выйшлі з друку:

Юры Гардзееў Магдэбургская Гародня

Выдавецкія планы:

Пётр Сяўрук, Невядомыя старонкі беларускага нацыянальнага Руху

Аляксей Карпюк, Развітанне з ілюзіямі

Па ўсіх пытаннях, звязаных з “Гарадзенскай бібліятэкай”, звяртайцеся - zasvabodu.hrodna@gmail.com