|
|
|
![]() Кнігі У. Арлова »»»
|
|
КАМУНІКАТ.org :: Што новага :: Уладзіміру Арлову спаўняецца 55 гадоў “Цяпер трэба пісаць бэстсэлер!..” Бібліятэкар ![]() Уладзімір Арлоў, фота А. Максімюк Сёньня пісьменьніку й гісторыку Ўладзімеру Арлову спаўняецца 55 гадоў. Бадай самы чытаны цяпер беларускі літаратар нарадзіўся ў 1953 годзе ў Полацку, у радзільні за сто крокаў ад Сафійскага сабору. Бацькі былі супраць, каб Уладзімер паступаў на гістфак, бо разумелі небясьпеку гэтай прафэсіі пры любой уладзе. Ужо ў студэнцкія гады Арлоў праявіў сябе як сьвядомы грамадзянін: разам зь сябрамі выдаваў літаратурны альманах “Блакітны ліхтар”, які быў цалкам сканфіскаваны міліцыяй. Перабраўшыся з Полацку ў Менск, Уладзімер Арлоў працягваў удзельнічаць у грамадзка-палітычным жыцьці краіны: выступаў на гістарычных “Дзядах” у Курапатах, пазьней на першых прэзыдэнцкіх выбарах быў даверанай асобай Зянона Пазьняка. Дзесяць гадоў таму Арлова звольнілі зь дзяржаўнага выдавецтва “Мастацкая літаратура” з фармулёўкай „за выпуск гістарычнай ды іншай сумнеўнай літаратуры”. Ад таго часу Арлоў займаецца толькі літаратурай. За 55 гадоў пісьменьнік выдаў 35 кніг, ягоныя творы перакладзеныя на 25 моваў сьвету. Зь якімі думкамі сустракае ён Дзень Народзінаў – ва Ўладзімера Арлова запытаўся Арцём Багданаў. У. Арлоў: Ну, па-першае, я не лічу гэта ніякім юбілеем – хоць мяне спрабуюць часам павіншаваць зь юбілеем… Ведаеце, мне згадваюцца словы аднаго майго францускага знаёмага й калегі пра тое, што французы адзначаюць 25 гадоў і 75. А паміж імі – юнацтва! У антычнай традыцыі “юбілей” – гэта тое, што дзеліцца бяз рэшты на дваццаць пяць. Так што да юбілею мне яшчэ доўга!.. Калі я адзначаў паўстагодзьдзя свайго жыцьця, тады я сапраўды імкнуўся выдаць некалькі кніг у той год. А сёлета такога імкненьня не было – я думаю, што гэта ня тая дата, калі падводзіш нейкія вынікі. Але кнігі выходзілі якбы самі. Вось выйшла трэцім выданьнем мая кніга “Імёны Свабоды”… Толькі што пабачыла сьвет пятае выданьне маёй кнігі “Таямніцы полацкай гісторыі” – у традыцыйным фармаце, і адразу ж, з такім самым афармленьнем, у фармаце аўдыёкніжкі. І ўвогуле гэты год для мяне адметны тым, што выйшла цэлая бібліятэчка маіх аўдыёкніг. Гэта гістарычная аповесьць “Час чумы”, гэта кніга “Адкуль наш род”, кніга “Таямніцы полацкай гісторыі”. І цяпер, вось якраз сёньня, пабачыла сьвет кніжка “Сны імператара” – гэта гістарычныя апавяданьні й аповесьці. І на падыходзе кніга “Ордэн белай мышы” й кніга “Паўстанцы” зь гістарычнымі эсэ. Спадар Уладзімер, ці ўдаецца ў сёньняшняй Беларусі літаратару зарабляць хлеб літаратурай? У. Арлоў: Я ганаруся тым, што мяне маё пяро корміць. Гэта ня так проста, бо мы жывем у той сытуацыі, калі чытач ад беларускай кнігі вельмі часта бывае адарваны. Бо існуюць забароны на сустрэчы з цэлым сьпісам пісьменьнікаў у бібліятэках, у студэнцкіх аўдыторыях, у школьных клясах… Але тым ня менш гэтых сустрэчаў, дарэчы, вельмі шмат у мяне. Вось пасьлязаўтра будзе адна з такіх сустрэчаў, на якую мы выправімся зь Менску з маім калегам і сябрам Андрэем Хадановічам… Я шчасьлівы, што ў мяне ёсьць чытачы, што мае кнігі выдаюцца й перавыдаюцца, і маё пяро прыносіць мне хлеб і, можа быць, шклянку чырвонага віна… Нядаўна Вы патрапілі ў навіны, бо Вас, сярод астатніх, спрабавалі выселіць з вуліцы Карла Маркса. Чым урэшце скончылася гэтая гісторыя? У. Арлоў: Гэтая гісторыя скончылася, на шчасьце, нашай перамогай. Гісторыя нашага змаганьня за вуліцу Карла Маркса сьведчыць пра тое, што беларусы ў крытычных сытуацыях здольныя аб’яднацца, незалежна ад сваіх поглядаў, прафэсіяў, узросту – і адстаяць урэшце свае законныя інтарэсы. Ну, а цяпер, натхніўшыся, відаць, перамогай, мае суседзі робяць рамонт, і я трапіў у гэты струмень, таксама займаюся рамонтам. Але ў параўнаньні зь імі, у мяне больш складаная гісторыя, бо ў часе змаганьня за нашу вуліцу я выходзіў на мітынгі з такім транспарантам: “Толькі ў роднай кватэры напішу бэстсэлер”. Цяпер трэба пісаць бэстсэлер!.. Дзе будзеце сустракаць Дзень Народзінаў? У. Арлоў: Я вырашыў сустрэць яго ў вандроўцы – паеду на мілую майму сэрцу Браслаўшчыну… Дзякуй Вам і са сьвятам! Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа Kamunikat.org далучаецца да віншаваньняў Спадару Ўладзіміру! Выданьні Уладзіміра Арлова на нашым сайце глядзіце тут. |
||