Беларускае Гістарычнае Таварыства »»»

Націснуць, каб павялічыць...
трэба ведаць »»»

КАМУНІКАТ.org :: Што новага :: Другое жыццё Пятра Сеўрука
Другое жыццё Пятра Сеўрука
Бібліятэкар
Націснуць, каб павялічыць...

Вацлаў Галімскі, Радыё Рацыя, 29 лістапада 2008 г.

У памяшканні гарадзенскай суполкі Таварыства Беларускай Школы адбылася прэзэнтацыя кнігі "Невядомыя старонкі беларускага нацыянальнага руху. Пётр Сяўрук. Небыцця не існуе". Гэта трэцяя кніга серыі “Гарадзенская бібліятэка”, заснаваная Рухам "За Свабоду" пад патранатам Аляксандра Мілінкевіча. Да яе выдання спрычыніліся гарадзенскія гісторыкі Сяргей Токць і Андрэй Вашкевіч.

Прэзентаваная кніга прысвечана Пятру Сеўруку – актывісту беларускага нацыянальнага і грамадскага руху ў дваццатых гадах мінулага стагоддзя.

Націснуць, каб павялічыць...

Як распавёў гісторык Сяргей Токць, пайшоўшы з гэтага свету ў 24 гады, Сяўрук пакінуў багатую рукапісную спадчыну, якая дазваляе сучаснаму чытачу больш глыбока зразумець гістарычныя падзеі той складанай і гераічнай эпохі ў гісторыі беларускага народа:

- Дасьледчыкі даўно цікавіліся творчасцю Пятра Сеўрука, нешта з ягонай спадчыны ўжо выдавалася ў 80-я гады мінулага стагоддзя. Але найбольш поўна не было магчымасьці выдаць ягоную спадчыну. І вось нам з Андрэем Вашкевічам пашчасціла патрапіць на шэраг дакумантаў, а пасля і рэалізаваць ідэю выдання кнігі Пятра Сеўрука…

Націснуць, каб павялічыць...

Прафесар Аляксей Пяткевіч зазначыў, што Пётр Сяўрук быў знакавай постаццю свайго пакалення:

- Гэта вельмі характэрная постаць для заходнебеларускага жыцця. Мала пражыў і практычна не друкаваўся. І, калі б не старанні сятры, яе любоў да брата, дык мы б і не атрымалі магчымасць пазнаёміцца са спадчынай Пятра Сеўрука. Заходнебеларускае культурнае жыццё было багатае. Сотні маладых людзей пісалі па-беларуску, многія з іх дасылалі ў рэдакцыі, бо перыёдыка была самая разнастайная. Гэта”Беларуская крыніца”, “Калосьсе”, “Шлях моладзі”, “Нёман”… Але лёс маладых беларускіх адраджэнцаў быў трагічны. Гэта і Сяргей Крывец, і Алесь Мілюць, якія загінулі на фронце. Гэта і Міхась Васілёк, які вельмі яскрава пачынаў у міжваенны перыяд, але пасля вайны ягоная творчасць змянілася не ў лепшы бок…

Націснуць, каб павялічыць...

Гісторык Андрэй Вашкевіч, як і прафесар-літаратуразнаўца Аляксей Пяткевіч згадаў пра сяброўства Пятра Сеўрука з паэтам Міхасём Васільком ды зазначыў, што гэтая кніга для яго, як даследчыка, вельмі дарагая:

- Я не думаю, што вы ў гэтай кнізе знойдзеце нешта геніяльнае. Трэба зрабіць скідку на тое, што чалавек пражыў усяго 24 гады. Ягонае жыццё было незайздросным, частыя візыты п’яных польскіх паліцэйскіх, якія яго збівалі, хвароба на сухоты… Але, напэўна, дзякуючы яму ўся Скідальшчына, а магчыма, і Гарадзеншчына, загаварыла па-беларуску…

Некаторыя заўвагі Пётра Сяўрука наконт беларускіх элітаў і беларусаў у цэлым, напісаныя ў сярэдзіне дваццатых гадоў, актуальныя па сённяшні дзень. Таму кніга ягонай літаратурнай спадчыны будзе карысная ня толькі для адмыслоўцаў, але і для сучаснай моладзі.