![]() |
|
трэба ведаць »»»
|
|
КАМУНІКАТ.org :: Што новага :: «Аўдыёкніга мае культурніцкае і ідэалагічнае значэнне» Першая аўдыёкніга на беларускай мове нарадзілася ўсяго чатыры гады таму. Гэта былі… беларускія народныя казкі. Калі толькі пачалі з'яўляцца аўдыёкнігі на роднай мове, кожная заслухоўвалася "да дзірак"… Цяпер маем цэлую паліцу кніг-дыскаў. З класікі: вершы Максіма Багдановіча, вершы і паэмы Янкі Купалы, паэмы Якуба Коласа "Сымон-музыка" і "Новая Зямля", раманы Івана Мележа Людзі на балоце і Подых навальніцы, вершы і раман "Каласы пад сярпом тваім" Уладзіміра Караткевіча, аповесць Вольгі Іпатавай "Прадслава". З дзіцячай літаратуры: "Беларускія народныя казкі", два дыскі з казкамі Ганса Хрысціяна Андэрсена. Аматары замежнай літаратуры ў аўдыёфармаце могуць паслухаць раман 1984 і казку-алегорыю Ферма Джорджа Оруэла. Серыя "Голас сучаснага паэта" прадстаўленая пакуль што дзвюма аўдыёкнігамі: вершамі Уладзіміра Някляева і Ніла Гілевіча... Агулам, каля 30 дыскаў... Пра гісторыю заснавання кампаніі па стварэнні аўдыёдыскаў "БелТонМедыа", а таксама пра планы кампаніі распавёў яе дырэктар Алесь Калоша: — Чаму я вырашыў стварыць уласную гуказапісваючую кампанію? У свеце рынак аўдыёкніг актыўна пашыраецца. Калі мы возьмем нашу суседку Расію, то там знойдзем кнігі на ўсе густы: ад Ніцшэ да Марынінай. А ў нас гэтага рынку не было. На маю думку, вельмі важна, што дзякуючы аўдыёкнігам гучыць нашая мова. У гэтым сэнсе аўдыёкніга мае культурніцкае і ідэалагічнае значэнне. ...Неяк да мяне прыйшоў рэжысёр Валер Мазынскі, паслухаў "Беларускія народныя казкі" і стаў адным з ініцыятараў стварэння кампаніі… Што да дзейнасці… Найперш мы хочам агучыць школьную праграму. Таксама імкнёмся запісаць тых пісьменнікаў, якія найбольш ярка выражаюць беларускую нацыянальную ідэю. Акрамя гэтага, вельмі хочам выдаваць замежную літаратуру на беларускай мове. І яшчэ адзін вялікі напрамак —дзіцячая літаратура. Пачала выходзіць серыя "Казачныя скарбы". У адрозненне ад відэа, гэта той медыяпрадукт, які будзіць у дзіцяці ўяўленне, фантазію… — Вы аддаяце перавагу акцёрам ці аўтарам пры агучванні тэкстаў? — Няхай кожны аўтар прачытае адну сваю кніжку для запісу. Гэта істотна, бо голас застанецца ў гісторыі. Яшчэ заўсёды цікава, як аўтар успрымае, як ён перадае свой тэкст. Але ўсё ж мы хочам, каб кнігі начытваў прафесійны акцёр. У нас толькі адно выключэнне — Уладзімір Арлоў, які начытаў цэлую серыю сваіх кніг: "Час чумы", "Таямніцы полацкай гісторыі", "Адкуль наш род", "Ордэн белай мышы", "Сны імператара", "Паром праз Ла-Манш", "Паўстанцы". У нас ёсць серыя "Голас паэта", якая задумвалася спецыяльна для таго, каб чыталі вершы толькі паэты. Ужо выдадзеныя аўдыёкнігі з вершамі Уладзіміра Някляева, Ніла Гілевіча. Думаем запісаць Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, а таксама маладых паэтаў. — Як ажыццяўляецца распаўсюджванне вашай прадукцыі? — Аўдыёкнігі прадаюцца ў кнігарнях "Белкнігі", у дыскарнях. На жаль, пакуль не вельмі добра наладжана сетка распаўсюджвання па рэгіёнах. І яшчэ адзін варыянт распаўсюджвання — праз пошту, які забяспечвае Алесь Яўдаха праз сайт www.knihi.net. Большым попытам карыстаецца класіка, а не сучаснасць, проза, а не паэзія. Ася Паплаўская, Народная Воля 17.03.2009 № 41-42 |
||