![]() |
|
трэба ведаць »»»
|
|||||||||||||||
|
КАМУНІКАТ.org :: Што новага :: “Я запісаў Караткевіча на магнітафон, каб мець голас Бацькаўшчыны…” Паэт Сяргей Панізьнік у сваім хатнім аўдыёархіве захаваў унікальныя запісы... Паэт Сяргей Панізьнік у сваім хатнім аўдыёархіве захаваў унікальныя запісы – галасы клясыкаў беларускай літаратуры Ўладзімера Караткевіча, Ларысы Геніюш, Рыгора Барадуліна. Запісы рабіліся ў 1968 годзе, 41 год таму. З ласкавай згоды Сяргея Панізьніка мы прэзэнтуем гэтыя галасы вам. Сёньняшні выпуск прысьвечаны гісторыі запісаў, і ў прыватнасьці Ўладзімеру Караткевічу. Гаворыць Сяргей Панізьнік. С. Панізьнік: Яшчэ ў Юрмале, у 1966 годзе Рыгор Барадулін і Ўладзімер Караткевіч гасьцілі ў Ступы, у свайго сябра. Я даведаўся – і паклікаў іх у дом маіх бацькоў, а гэта былі Каўгуры, гэта тая самая Юрмала. І яны выйшлі да мора – гэта выхад беларусаў да мора, вельмі сымбалічны. І Караткевіч у нашай хаце пачаў сьпяваць – была нейкая там чарачка, вясёлая бяседа... І я даведаўся, які гэта голас, які гэта чалавек-волат!.. Праз год я даведаўся, што паеду служыць за мяжу (я ж быў вайсковым журналістам). І я купіў магнітафон “Рамантык”, каб можна было набраць Бацькаўшчыны, такой слухавой. Каб я чуў за мяжою галасы Радзімы. 10 траўня 1968 году Караткевіч дазволіў мне ў сваёй хаце справіць Дзень народзінаў, куды былі запрошаныя й ягоныя сябры: з Прагі Вацлаў Жыдліцкі, Алесь Барскі з Варшавы… Эўропа была ў яго ў хаце!.. Тады я другі раз пачуў ягоныя песьні. І ў 1968-м, на Дзень нараджэньня Караткевіча – гэта 26 лістапада – я ўжо падрыхтаваў свой магнітафон “Рамантык” і папрасіў, каб ён паказаў сваю душу. Ну й пачалося…
(Уладзімер Караткевіч сьпявае народную песьню “Ой, косю, мой косю…”) С. Панізьнік: Гэта народная песьня, Караткевіч расказваў нам, як пачуў яе ўпершыню. Быў падлеткам, недзе там за Воршай ехалі цыганы на возе й сьпявалі песьню. І ён бег за гэтым возам, пакуль песьня ня скончылася! Таксама Караткевіч чытаў на мікрафон вершы з цыклу “Таўрыда”: “О, якое цёплае, цёплае, цёплае мора”, “Песьня Мехмеда”, “Фантан сьлёз”. Мы адразу апынуліся недзе ў той Таўрыдзе, на тым паўвостраве Крым, дзе ён быў вельмі ўзрушаны, калі падарожнічаў там. А я таксама хадзіў па тых мясьцінах, бо мне трэба было й на магілу Багдановіча , і там жа ж быў Фантан сьлёз… У мяне было такое спалучэньне ўспамінаў, і раптам у творчасьці ўсё гэта ўзнавілася… (Уладзімер Караткевіч чытае верш “Фантан сьлёз”) С. Панізьнік: Фактычна гэта былі два запісы. І адчуваньне, якое было на гэтых вечарах ва Ўладзімера Караткевіча, мне больш не перажыць… (Уладзімер Караткевіч чытае малую паэму “П’янка ў дэкарацыях”) Сярод астатніх вершаў Уладзімер Караткевіч начытаў на магнітафон і сваю малую паэму “П’янка ў дэкарацыях”. Дарэчы, у кнізе “Быў. Ёсьць. Буду”, якая выйшла ў 1986 годзе, праз 2 гады пасьля сьмерці аўтара, цэнзар зьмяніў назву – і паэма з “П’янкі ў дэкарацыях” пераўтварылася ў “Гулянку ў дэкарацыях”. Але, дзякуючы запісу Сяргея Панізьніка, мы можам слухаць паэму так, як бачыў яе сам Караткевіч. (Уладзімер Караткевіч чытае “П’янку ў дэкарацыях”) Мы слухалі ўнікальныя запісы – голас Уладзімера Караткевіча 1968 году. Гэтыя запісы для слухачоў Беларускай службы Польскага радыё прэзэнтаваў паэт Сяргей Панізьнік, які 41 год таму скеміў запісаць клясыка беларускай літаратуры. Наступная частка запісаў – праз тыдзень на хвалях Беларускай службы Польскага радыё. |
|||||||||||||||||