Беларускае Гістарычнае Таварыства »»»

Націснуць, каб павялічыць...
варта прачытаць »»»

КАМУНІКАТ.org :: Што новага :: “Гэтыя вершы Рыгор Барадулін чытаў мне на магнітафон у 1968 годзе…”
“Гэтыя вершы Рыгор Барадулін чытаў мне на магнітафон у 1968 годзе…”
Бібліятэкар
Націснуць, каб павялічыць...

Арцём Багданаў, Менск, Польскае радыё для замежжа, Беларуская служба, 4 красавіка 2009 г.

Паэт Сяргей Панізьнік у 1968 годзе набыў сабе бабінны магнітафон, які называўся “Рамантык”, і здагадаўся запісаць, як чытаюць свае вершы на той час таленавітыя паэты-аднагодкі, а сёньня – клясыкі беларускай літаратуры. Тыдзень таму мы слухалі голас Уладзімера Караткевіча. Сёньняшняя перадача прысьвечаная запісам Рыгора Барадуліна.

Спадар Сяргей, адкуль у вас гэтыя ўнікальныя запісы голасу маладога Рыгора Барадуліна, якім зараз спаўняецца 40 гадоў?

Сяргей Панізьнік: Вой, гэта мой першы настаўнік! Я ня ведаю, якім днём я трапіў у Менск: ці з Магілёва, дзе я вучыўся на фэльдшара, ці ўжо са Львова, дзе я вучыўся на вайсковага журналіста, - але ён мяне ўгледзеў. Ён мяне загадзя ўгледзеў, і нешта ж яму, нейкі радочак, відаць, спадабаўся, і ён хацеў мне проста дапамагчы, бо я толькі ў Львове станавіўся беларусам. Там мяне ўкраінцы папрасілі, што ім цікава глядзець на мяне як на беларуса – бо я ж адсюль, я ж павінен прадстаўляць сваю Бацькаўшчыну. І вось я ўжо мучыўся, пераходзячы з адной мовы на другую, і, канечне, я не магу выказаць словамі падзяку Барадуліну за тое, што ён мяне ўсё-ткі паставіў на ногі. Бо на паэта ніхто ня вывучыць, але калі ёсьць іскрынка, то ён гэтую іскрынку ўбачыў, і яна перасялілася ў маё сэрца, і я стаў нейкім літаратарам толькі дзякуючы яму. І гэта недзе 1965 год, і першы зборнічак “Кастры Купальля” фактычна ён падрыхтаваў, хоць Анатоль Кудравец лічыўся там рэдактарам. І таму, калі мы на вечарах у Караткевіча зьбіраліся, я быў рады, што Рыгорка, як мы яго заўжды называем, мог паказаць і свае творы: прысьвечаныя Міколу Прашковічу, гэта хросны бацька ягонай дачушкі быў, і “Дзятлінка” Ўладзімеру Караткевічу (а Караткевіча ён называў Фама Фаміч, гэта наша застольная клічка была Ўладзімера Сямёнавіча)…

Дыск "ГАЛАСЫ Ўладзімера Караткевіча, Ларысы Геніюш, Рыгора Барадуліна. 1968 год."
[1] Націснуць, каб павялічыць...[2] Націснуць, каб павялічыць...[3] Націснуць, каб павялічыць...

Дазволю сабе на гэтым месцы перапыніць Сяргея Панізьніка, каб даць вам магчымасьць паслухаць той самы верш, прысьвечаны Міколу Прашковічу. Запіс 1968 году, чытае 33-хгадовы Рыгор Барадулін.

(Рыгор Барадулін чытае верш “На Беларусі пчолы як гусі…”)

Сяргей Панізьнік: Ну, і вось некалькі вершаў было. А гэта ўжо панядзелак – якраз панядзелак пасьля застольля на імянінах Уладзімера Караткевіча – запісвалася гэтая бяседа. “Ах, панядзелак, панядзелак…” – такі гумарыстычны верш. Вось ужо 40 зь лішнім гадоў мінула ад запісу. І хай Рыгорка ўспомніць вось тую маладую пару, калі ў нас былі й галасы бадзёрыя, і натхненьне асаблівае. Хай гэта будзе яму добрым успамінам…

Дзядзьку Рыгору – добрым успамінам, а слухачам Беларускай службы Польскага радыё – добрым падарункам. Унікальны архіўны запіс: верш “Панядзелак”, 1968 год, чытае аўтар Рыгор Барадулін.

(33-хгадовы Рыгор Барадулін чытае верш “Панядзелак”)

А зараз яшчэ адзін сюрпрыз. На нашую просьбу Рыгор Барадулін ласкава згадзіўся прачытаць зараз гэты верш нанова. Верш “Панядзелак”, 2009 год.

(74-хгадовы Рыгор Барадулін чытае верш “Панядзелак”)

Паэт Сяргей Панізьнік прадстаўляў на нашых хвалях свае ўнікальныя архіўныя запісы 1968 году: Рыгор Барадулін начытвае на бабінны магнітафон свае вершы. Наступная перадача з архіўнымі запісамі галасоў клясыкаў – роўна праз тыдзень.