Беларускае Гістарычнае Таварыства »»»

Націснуць, каб павялічыць...
трэба ведаць »»»

КАМУНІКАТ.org :: Што новага :: Лебядзіная песьня Рэчы Паспалітай
Лебядзіная песьня Рэчы Паспалітай
Бібліятэкар
Націснуць, каб павялічыць...

Аляксандар Папко, Менск, Польскае радыё для замежжа, Беларуская служба, 3 траўня 2009 г.

3 траўня 1791 году Сойм Рэчы Паспалітай ухваліў Канстытуцыю – якую прынята лічыць першай у Эўропе й другой у сьвеце пасьля Канстытуцыі ЗША. Канстытуцыя 3 траўня была прынятая ў вострай барацьбе паміж магнатамі, якія намагаліся захаваць свае прывілеі, ды патрыятычнай шляхтай, якая хацела ўратаваць Рэч Паспалітую ад зьнішчэньня.

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай была мала падобнай да асноўных законаў сучасных краінаў і захоўвала шмат перажыткаў феадалізму. Аднак гэты дакумэнт значна набліжаў тагачасную манархію да сучаснай прававой дзяржавы.

Канстытуцыя гарантавала мяшчанам асабiстую недатыкальнасьць і недатыкальнасьць маёмасьці, а таксама дазваляла ім займаць любыя дзяржаўныыя пасады. Улада была падзеленая на заканадаўчую, выканаўчую й судовую. Канстытуцыя не адмяняла прыгоннага права, але вельмі моцна яго абмяжоўвала. Таксама гэты дакумэнт адмяняў права “лібэрум вэта” ды ствараў адзіную армію і ўрад для ўсяе Рэчы Паспалітай.

Якое значэньне мае Канстытуцыя 3 траўня для гісторыі Беларусі, і ці варта беларусам ушаноўваць гэты дзень так, як гэта робяць у Польшчы й сучаснай Летуве? На гэтыя пытаньні мы папрасілі адказаць беларускіх гісторыкаў.

Гісторык Захар Шыбека лічыць, што Канстытуцыя 3 траўня аб’явіла грамадзянскія свабоды, таму яе прыняцьцё павінна адзначацца ва ўсіх краінах-нашчадках Рэчы Паспалітай.

З. Шыбека: Гэта добрая нагода для агульнага сьвята ва ўсіх краінах былой Рэчы Паспалітай. Дэмакратычнасьць Канстытуцыі, наданьне грамадзянскіх правоў шырокім слаям насельніцтва сьведчылі пра тое, што наш край стаяў на мяжы значных эканамічных і палітычных рэформаў, якія, на жаль, проста не пасьпелі ажыцьцявіцца з-за разбору Рэчы Паспалітай.

Аднак так лічаць ня ўсе. Некаторыя дасьледчыкі зьвяртаюць увагу на тое, што Канстытуцыя 3 траўня фактычна пазбаўляла Вялікае Княства Літоўскае аўтаноміі ды магла паслужыць палянізацыі беларускага насельніцтва. Менавіта таму беларускія нацыянальныя дзеячы пачатку XX стагодзьдзя адмаўляліся сьвяткаваць 3 траўня. Пра гэта расказвае гісторык Уладзімер Ляхоўскі.

У. Ляхоўскі: 3 траўня 1920 году, калі польскія войскі стаялі ў Менску, усё польска арыентаванае насельніцтва сьвяткавала Дзень Канстытуцыі. Беларусы ж, пратэстуючы супраць палітыкі польскага ўраду, ігнаравалі гэтае сьвята. Напрыклад, буйная памешчыца Магдалена Радзівіл, якая актыўна падтрымлівала беларускі й летувіскі нацыянальныя рухі, у гэты дзень загадала выбіваць коўдры на бальконе свайго дому.

Гісторык Алесь Смалянчук ня лічыць, што Канстытуцыя Рэчы Паспалітай ліквідавала аўтаномію беларуска-летувіскай дзяржавы, а таксама вяла да палянізацыі беларускамоўнага насельніцтва. Справа ў тым, што ані летувіскага, ані беларускага, ані нават польскага народаў у сучасным разуменьні гэтага слова ў тыя часы яшчэ не існавала.

А. Смалянчук: Вядомы гісторык права, прафэсар Варшаўскага ўнівэрсітэту Юліюш Бардах сьцьвярджае, што аўтаномія ВКЛ не была зьнішчаная. Калі б Канстытуцыя была рэалізаваная, Вялікае Княства захавала б пэўную свабоду ў рамках Рэчы Паспалітай. Што тычыцца палянізацыі, у тыя часы зацікаўленасьці ў тым, каб палянізаваць беларусаў, у кіруючых колах Рэчы Паспалітай не было. Яна не была нацыянальнай дзяржавай у сучасным разуменьні гэтага слова. Розьніца ў культуры толькі ўмацоўвала сацыяльную розьніцу. Каралю польскаму й вялікаму князю літоўскаму нават у галаву не магло б прыйсьці палянізаваць беларускамоўных ці летувіскамоўных сялянаў.

Гісторык Алесь Белы лічыць, што Канстытуцыя 3 траўня вартая ўшанаваньня хаця б таму, што традыцыю Рэчы Паспалітай немагчыма выкрасьліць зь дзяржаўнай традыцыі Рэспублікі Беларусь.

А. Белы: Рэспубліка Беларусь аб’ектыўна знаходзіцца на скрыжаваньні дзьвюх дзяржаватворчых традыцыяў – той, якая ідзе ад Кіеўскай Русі, ды той, якая ідзе ад Вялікага Княства Літоўскага й Рэчы Паспалітай. Немагчыма ўявіць сабе сучасную Беларусь, калі выкрасьліць адну з гэтых традыцыяў. Абедзьве яны легітымныя. І Рэч Паспалітая – гэта адзін з двух слупоў, на якіх трымаецца ідэнтычнасьць і легітымнасьць сучаснай Беларусі.

На думку беларускага гісторыка Захара Шыбекі, Канстытуцыя 3 траўня не адчыняла дзьвярэй да палянізацыі ні беларускага, ні летувіскага народаў. Яна закладала фундамэнт дэмакратычнай дзяржавы, у якой кожны з народаў, якія толькі пачыналі фармавацца, меў бы права разьвіваць сваю культуру.

На жаль, Канстытуцыя 3 траўня пратрымалася ўсяго адзін год. Частка шляхты, незадаволеная стратай былых уплываў, аб’ядналася ў гэтак званую Таргавіцкую канфэдэрацыю ды папрасіла дапамогі ў чужых дзяржаваў. Армія Расейскай імпэрыі ўступіла на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. Канстытуцыя была зьвергнутая, а саму Рэч Паспалітую хутка падзялілі паміж сабою суседнія агрэсіўныя манархіі.

Канстытуцыя 3 траўня стала, па словах аднаго зь яе стваральнікаў Гуга Калантая, “апошнім запаветам” згаслай свабодалюбівай краіны.