Беларускае Гістарычнае Таварыства »»»

Click to enlarge...
варта прачытаць »»»

KAMUNIKAT.org :: What’s New :: Мы паказалі, што ВКЛ – дзяржава трох народаў…
Мы паказалі, што ВКЛ – дзяржава трох народаў…
Бібліятэкар
Арцём Багданаў, Менск, Польскае радыё для замежжа, Беларуская служба, 8 траўня 2009 г.

Славуты мастак прафэсар Анджэй Струміла прэзэнтаваў учора ў Менску кнігу “Вялікае Княства Літоўскае”.

Учора ў Менску ў галерэі Акадэміі мастацтваў адбыліся адразу дзьве значныя культурніцкія падзеі. Была адкрытая выстава вядомага польскага мастака Анджэя Струмілы. Адначасова прэзэнтавалі ўнікальнае чатырохмоўнае выданьне “Вялікае Княства Літоўскае”, прысьвечанае Тысячагодзьдзю Літвы, і ўкладальнікам якога ёсьць спадар Струміла.

Варта сказаць колькі словаў пра гэтага выдатнага матсака. Ён нарадзіўся ў 1928 годзе ў Вільні. Але на самым пачатку прэзэнтацыі адзначыў, што ягоны бацька й дзед нарадзіліся ў Менску. Зараз прафэсар Струміла жыве ў Польшчы, на Сувальшчыне. У сьнежні 2008 году прэзыдэнт горада Сувалкі ўрачыста адчыніў Галерэю Струмілы, сказаўшы на адкрыцьці, што гэта агромны гонар, што такі чалавек, як Анджэй Струміла, жыве ў іх.

Кніга, якую прэзэнтаваў пан Струміла ў Менску, напраўду ўнікальная. Фактычна гэта – збор эсэяў выбітных гісторыкаў і грамадзкіх дзеячоў з трох краін, якіх аб’ядноўвала Вялікае Княства Літоўскае: Беларусі, Польшчы й Літвы. Спадар Струміла зазначыў, што кожная з гэтых краін мае сёньня ўласны погляд на гісторыю ВКЛ, кожнай краіне хочацца, каб гэта была менавіта іх дзяржава. Таму ў часе стварэньня кнігі былі нават канфлікты, калі літоўскі бок адмаўляўся перакладаць на сваю мову тэксты беларускіх гісторыкаў, матывуючы тым, што тыя пішуць усё ня так, як трэба.

Прэзэнтацыя кнігі “Вялікае Княства Літоўскае”, Менск 8.04.2009
[1] Click to enlarge...[2] Click to enlarge...[3] Click to enlarge...

Мудрасьць і аўтарытэт прафэсара Струмілы ўлагодзілі гэтыя спрэчкі. У выніку кніга выйшла манумэнтальная – яе вага 6 кіляграмаў! На вялікі жаль, набыць кнігу немагчыма – яна выдадзеная на эўрапейскія грошы і, паводле правілаў, не павінна прадавацца за прыбытак. Выданьне будзе прэзэнтаванае ў асноўныя беларускія бібліятэкі й навуковыя цэнтры задарма.

На прэзэнтацыі прамаўляў адзін з аўтараў кнігі публіцыст Сяргей Дубавец. Узяў слова й прафэсар Адам Мальдзіс, які праз занятасьць не пісаў эсэй для кнігі, але выказаў шчырую падзяку й захапленьне працай спадара Струмілы. Зь беларускага боку ў кнізе прадстаўленыя таксама Ўладзімер Арлоў, Генадзь Сагановіч і Алег Латышонак.

Пасьля прэзэнтацыі спадар Анджэй Струміла даў эксклюзыўнае інтэрвію Беларускай службе Польскага радыё.

Пане Анджэю, ці шмат людзей пабіліся ў часе падрыхтоўкі гэтай кнігі?

Анджэй Струміла: Не было такога… Была пэўная згода й гармонія. Я ня бачыў нейкіх асаблівых канфліктаў. Былі пэўныя нязгоды, але гэта натуральна, бо кожны мае свае веды й сваю пазыцыю. 200 ці 300 гадоў прайшло з часу Вялікага Княства… Але ў часе ВКЛ таксама былі канфлікты… Былі спрэчкі, бойкі, часам нават драматычныя. Але, хачу сказаць, што кніга закліканая паказаць пазітыў таго часу, калі жылі мы ў пэўнай еднасьці, калі не было падзелу каштоўнасьцяў, калі гэтыя каштоўнасьці былі агульныя, агульна створаныя. Гэта быў час высокай талеранцыі – вышэйшай, чым у многіх месцах Эўропы. Культура стваралася супольна – асобнымі дзеячамі, ва ўнівэрсытэтах… І гэта ў кнізе ёсьць.

Пане Анджэю, што было самым складаным, калі вы зьбіралі пад адной вокладкай думку трох народаў, у кожнага зь якіх яна адрозьніваецца?

Анджэй Струміла: Самае галоўнае – што атрымалася. Што кожны зь іх змог выкласьці ўласнае разуменьне ў кантэксьце сёньняшняга часу. І нават калі там ёсьць пэўныя адрозьненьні, то разам сабраныя, яны вартыя таго, каб нагадаць пра іх Эўропе. Што колькі стагодзьдзяў таму была такая спроба – аб’яднаць розныя нацыі, розныя рэлігіі, розныя традыцыі...

Каго вы бачыце чытачамі гэтай кнігі?

Анджэй Струміла: Моладзь! Студэнтаў, людзей, якія цікавяцца гісторыяй... Але найперш маладых людзей, якія павінны іначай трошку паглядзець на гістарыяграфію апошніх дзесяцігодзьдзяў…

Гэта быў знаны мастак, прафэсар Анджэй Струміла, які прэзэнтаваў учора ў Менску ўнікальнае выданьне – кнігу “Вялікае Княства Літоўскае”. Фаліянт, які важыць 6 кіляграмаў, аб’ядноўвае эсэі гісторыкаў з трох краін – Беларусі, Польшчы й Літвы – і выкананы на чатырох мовах – беларускай, польскай, літоўскай і ангельскай.