![]() |
|
варта прачытаць »»»
|
|
КАМУНІКАТ.org :: Што новага :: Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2008 годзе Сёньня ў Менску адбылася прэзэнтацыя аналітычнага агляду “Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2008 годзе”, падрыхтаванага праваабаронцамі. Публікацыя зьмяшчае аналіз стану ў галіне правоў чалавека за мінулы год. Сярод аўтараў зборніку віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі, юрыст праваабарончага цэнтру „Вясна” Валянцін Стэфановіч, Тацяна Равяка й палітоляг Юры Чавусаў. У публікацыі прадстаўленыя найбольш відавочныя й характэрныя факты парушэньняў правоў і свабод грамадзянаў краіны за гэты пэрыяд. Агляд падрыхтаваны на падставе асабістых зваротаў ахвяраў парушэньняў правоў чалавека, фактаў, зафіксаваных праваабаронцамі, а таксама інфармацыі з даступных крыніцаў. Суаўтар публікацыі Юры Чавусаў зазначае, што ўпершыню аналітычны агляд паявіўся больш за 10 гадоў таму. Юры Чавусаў: Гэтыя агляды, як і ўсе матэрыялы праваабарончых маніторынгаў, арыентаваныя на даволі шырокае кола чытачоў. У прыватнасьці гэта прадстаўнікі замежных структураў, якія зацікаўленыя аналізам сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. На жаль, мы ня можам разьлічваць на рэакцыю дзяржавы адносна вынікаў маніторыгнгу, паколькі нашая дзяржава не прызнае каштоўнасьцяў правоў чалавека. Тым больш не прызнае кампэтанцый грамадзянаў ацэньваць сытуацыю з правамі члавека. У дадзеным выпадку нашая дзяржава не прызнае духу рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН, у якой гаворыцца, што кожны чалавек, кожная арганізацыя разам альбо асобна могуць займацца праваабарончай дзейнасьцю й выказваць свае меркаваньні з гэтай нагоды. Юрыст праваабарончага цэнтру „Вясна” Валянцін Стэфановіч мяркуе, што летась ў краіне адбыліся пэўныя зрухі. Валянцін Стэфановіч: Мінулы год адзначыўся тым, што былі вызваленыя палітвязьні. Гэтага дамагалася беларускае грамадзтва ўжо шмат гадоў. У выніку розных акалічнасьцящ, у першую чаргу зьнешніх, палітвязьні былі вызваленыя ў жніўні. Натуральна, для нас гэта была вельмі прыемная рэч, якая здарылася. А што тычыцца нейкіх сыстэмных зьменаў, то яны не адбыліся й не адбываюцца. Я маю на ўвазе зьмены ў заканадаўстве. Пакуль што гэтак званая лібэралізацыя існуе толькі на словах. Больш нічога мы не назіраем. Можна адзначыць некаторыя моманты паляпшэньня, такія, як зьніжэньне перасьледу па палітычных матывах. Дзьве газэты могуць распаўсюджвацца ў шапіках, у той жа час 12 іншых ня могуць. Сытуацыя такая, што сыстэмных зьменаў мы ня бачым. Юры Чавусаў зьвяртае ўвагу на тое, што нельга радыкальна ацаніць, ці сытуацыя з правамі чалавека палепшылася, ці пагоршылася. Юры Чавусаў: Пэўная дынаміка ёсьць. Нягледзячы на паляпшэньні, такія, як вызваленьне палітычных вязьняў, а гэта сапраўды крок наперад, нейкіх замацаваных заканадаўчых зьменаў у краіне мы не назіраем. Мы маем палітычныя рашэньні, абумоўленыя, у першую чаргу, зьнешнім ціскам. Але ня маем больш лібэральных законаў ці больш лібэральнай працы судовых ворганаў. Казаць пра паляпшэньне нельга. Але, калі на пачатку 2000-х гадоў кожны год у гэтых аглядах пазначаліся значныя пагаршэньні, то цяпер, на маю думку, варта казаць, што сытуацыя „стабільна кепская”. Яе нельга ацэньваць, як вяликі прагрэс. Але тое, што пагаршэньне сытуацыі спынілася, гэта, на мой погляд, знак таго, што ў пэрспэктыве магчыма паляпшэньне. Дарэчы, як вынікае з апошняга рапарту міжнароднай арганізацыі „Freedom House”, Беларусь зьяўляецца адной з тых краінаў, дзе самае вялікае паніжэньне ўзроўню свабоды слова й вельмі неспрыяльнае асяродзьдзе для свабоды СМІ. Краіна займае 188-е са 195-ці ў Індэксе свабоды слова „Freedom House” за 2009 год. У мінулым годзе Беларусь была на тым жа 188-м месцы, а два гады таму на 186-м месцы. Сёлета Беларусь апярэдзіла Зімбабвэ, якое апынулася на 186-м месцы й Экватарыяльная Гвінэя на 187-м месцы. За Беларусьсю месцы занялі: Узбэкістан на 189-м месцы й Куба на 190-м месцы. Замыкае сьпіс Паўночная Карэя на 195-м месцы. |
||