Чыквін Ян Арцёмавіч (псеўд. Янка Дубіцкі; 18.5.1940, в. Дубічы Царкоўныя Беластоцкай вобл., цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча), паэт, літаратуразнавец, перакладчык, доктар філалагічных навук, прафесар Універсітэта ў Беластоку.
Нарадзіўся Ян Чыквін у сялянскай сям’і. Скончыў беларускі агульнаадукацыйны ліцэй у Бельску-Падляшскім (1959), аддзяленне рускай філалогіі Варшаўскага універсітэта (1964). Працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Беластоку (1964-1969). З 1969 г. — асістэнт, затым ад’юнкт філіяла Варшаўскага універсітэта ў Беластоку. З 1985 г. — дацэнт кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта. З 1988 г. узначаліў польскае літаратурнае аб’яднанне „Белавежа”, дзе заснаваў і пастаянна вядзе „Бібліятэчку”.
Першыя вершы Ян Чыквіна надрукаваны ў 1957 г. на старонках беластоцкай „Нівы”. Аўтар паэтычных зборнікаў „Іду” (1969), „Святая студня” (1970), „Неспакой” (1977), „Сонечная вязь” (1988), „Светлы міг” (1989), „Кругавая чара” (1992), „Свет першы і апошні” (1997), „Крэйдавае кола” (2002), артыкулаў па гісторыі беларускай і рускай літаратур, перакладаў на польскую мову (між іншым „Лісце срэбнай таполі. З польскай лірыкі XX стагоддзя”, 1999). Спрабаваў свае сілы ў жанрах апавядання, драматычнага твора. У перакладзе на польскую мову ў 1983 г. выйшаў яго зборнік „На парозе свету” — „Na progu świata” і „Сонечнае спляценне” — „Splot słoneczny” . У 1997 г. выйшла яго кніга „Далёкія і блізкія: Беларускія пісьменнікі замежжа”, у перакладзе — „Odpoczynek przy wyschniętym źródle” (1996).
Ян Чыквін з’яўляецца рэдактарам літаратурна-мастацкага і беларусазнаўчага часопіса „Тэрмапілы” і „Бібліятэкі БЛА „Белавежа”.
Плённа супрацоўнічае з пісьменнікамі Беларусі. З’яўляецца сябрам ГА „Міжнародная асацыяцыя беларусістаў” і Міжнароднага ПЭН-клуба ад Беларускага ПЭН-цэнтра, членам галоўнага праўлення Саюза польскіх пісьменнікаў (1990).
(Адам Мальдзіс)
| Канфэрэнцыя прысьвечаная 50-годзьдзю Беларускага Літаратурнага Аб’яднаньня Белавежа, 28-29-06-2008 г. | |||
| [1] | [2] | [3] | [4] |
| [5] | [6] | [7] | [8] |
| Першая «« [1] [2] [3] »» Апошняя | |||
| Фота © 2008 Яраслаў Іванюк | |||










