Беларускі празаік, драматург, літаратуразнаўца. Выдаў кніжкі “Еўрапейскія гісторыі”, “Паэты-цары”, “Гістарызацыя свядомасці”, “Маленькі сшытак” (першы і другі выпускі). Выпускае самавыдавецкі літаратурны агляд “Дзеячас”. П’еса “Сэкс па перапісцы” ставілася ў тэатрах Беларусі. Лаўрэат літаратурнае прэміі “Гліняны Вялес”. Жыве ў горадзе Масты Гарадзенскае вобласці.
Я нарадзіўся ў Гародні. Калі мне споўнілася сямнаццаць гадоў, адправіў мяне бацька вучыцца на журфак Беларускага Дзяржаўнага Універсітэту імя Уладзіміра Ілліча Леніна. Атмасфера на журфаку панавала творчая, незвычайная...
Хачу адзначыць, што ўвесь выкладчыцкі калектыў журфаку зрабіў усё немагчымае, каб увесці мяне ў прафесію журналіста, і я шчыра ўдзячны ім; зрэшты, як і свайму бацьку. Апрача незабыўных хвілінаў бурлівага сталічнага жыцця і дыплома журналіста, якія даў мне журфак, я яшчэ атрымаў спецыяльнасць камандзіра мотастралковага ўзводу і званне лейтынанта запасу, бо ў БДУ існавала вайсковая кафедра, – такім чынам, вучоба сталася мне, як пішуць цяпер на пакетыках кавы, тры ў адным.
Ня крыўдна і на гады карэспандэнцкае працы. Пачынаў я працаваць у мастоўскай “Зары над Нёманам”.
Цікава было паўсюль – і ў раёнцы, і ў абласной прэсе, і ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. У сваёй журналісцкай працы мне даводзілася пісаць матэрыялы на розныя тэмы, сутыкацца з рознымі жыццёвымі сітуацыямі, размаўляць з рознымі па прафесіі людзьмі, сярод якіх былі й леснікі, і калгаснікі, і міліцыянеры, і ўрачы, і спартсмены, і паэты, і акадэмікі... Магчыма, каб ня гэтыя сустрэчы, да шмат якіх зразумелых мне сёння рэчаў я быў бы сляпы.
Журналістыкай займаюся непрафесійна, прыхапам, каб форму ня страціць: вось “Дзеячас” выпускаю...
Жыццё шматстайнае, і, бывае, паўстае жаданне выказацца з той ці іншай нагоды. Вядома ж, вузкія літаратуразнаўчыя праблемы можна перадаць і праз п’есу, але дзейснасць гэткае перадачы будзе мінімальнай: мяркую, у лепшым выпадку глядач засне нават пры самых неверагодных высілках рэжысэра так і не зразумеўшы навуковае канцэпцыі аўтара, але пры гэтым не выключаю і горшыя варыянты правалу... Вечнасць існуе заўсёды і паўсюль: драматургія, напрыклад, імкнецца спасцігнуць сталыя формы вечнасці, а публіцыстыка шукае вечнасць у імклівых, зменлівых праявах жыцця. Таму праца ў розных родах і відах літаратуры, і выкарыстанне рознае жанрававае палітры – гэта ўсё ж ўзаемадапаўненне, а не ўзаемапярэчанне. Увогуле, псіхалагічна мне бліжэй проза; унутрана я лічу сябе празаікам – усё астатняе атрымліваецца ў мяне на сумежжы з прозаю.








