Паэт, перакладчык, журналіст. Нарадзіўся 23 сакавіка 1925 году ў вёсцы Мора непадалёк Гайнаўкі (Беластоцкага ваяводства) ў сялянскай сям’і. Скончыў Беларускі ліцэй у Бельску-Падляшскім, аддзяленні журналістыкі і беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта. Доўгі час працаваў у варшаўскім выдавецтве „Ксёнжка і ведза”.
Быў сузаснавальнікам Беларускага Літаратурнага Аб'яднання і па сённяшні дзень з’яўляецца яго сябрам. Сябра Саюзу Польскіх Літаратараў.
Беларускія вершы Віктар Швед пачаў пісаць яшчэ ў школе, у 1940 г., тады ж удзельнічаў з імі ў алімпіядзе дзіцячай творчасці. Друкавацца пачаў у 1957 г. на старонках штотыднёвіка „Ніва”, затым — у літаратурных альманахах, „Беларускіх календарах”. Выдаў зборнікі вершаў „Жыццёвыя сцежкі” (1967), „Дзяцінства прыстань” (1975), „Дружба” (1976), „Мая зялёная Зубровія” (1990), „Вясёлка” (1991) і інш. Адрасаваны яны пераважна юнаму чытачу. Выхаваны на традыцыях беларускай класічнай літаратуры, Віктар Швед працягвае іх на Беласточчыне: паэтызуе паўсядзённы побыт селяніна, повязь дзіцячых адчуванняў з гарманічным светам прыроды.
Віктар Швед уносіць істотны ўклад ва ўзаемадзеянне літаратур. Ён перакладае беларускія, рускія і ўкраінскія вершы на польскую мову, а польскія — на беларускую. У працы, напэўна ж, сустрэне і свой юбілей.
Беластоцкі паэт Ян Леоньчук ва ўступе да „Wierszy wybranych” напісаў: „... gnany tęsknotą życia wciąż powraca poeta do krainy dzieciństwa, oddalając się od progu rodzinnego-powraca ten pejzaż, sadowi się w nim wspomnieniami, nostalgiczną nutą ubarwia poetyckie wersy, gra w nim młodość. Znając wartość języka domowego, nie eksperymentował, nie łamał frazy, «nie unowocześniał» swego poetyckiego głosu. Po prostu trwał w nim i — z nim...”.
(паводле „Кантакты і Дыялёгі” ды Радыё Беласток)
| Дзень народзінаў Віктара Шведа, 23-03-2009 г. | |||
| [1] | [2] | [3] | [4] |
| [5] | [6] | [7] | [8] |
| Першая «« [1] [2] [3] »» Апошняя | |||
| Фота © 2009 Ганна Кандрацюк-Свярубская | |||










